РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,

комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.

У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц. харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.

А.​М.​Дэвойна.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)